“Беларускую кнігу – дзецям!”: сабрана болей за 1100 кніг на беларускай мове
“Малады Фронт” падводзіць вынікі традыцыйнай дабрачыннай кампаніі “Беларускую кнігу – дзецям”, што распачалася 1 верасьня й скончылася пасьля праваслаўных калядаў.
За гэты пэрыяд было сабрана болей за 1100 дзіцячых і падлеткавых кніг на беларускай мове ў наступных гарадах: Менск, Салігорск, Магілёў, Бяроза, Вілейка, Ліда, Бабруйск, Наваградак, Мазыр і Баранавічы. У Бабруйску й Вілейцы акцыю праводзілі супольна “Малады Фронт” і “Моладзь БНФ”.
Як адзначылі арганізатары кампаніі, з-за таго, што ў перадкалядны пэрыяд у дзіцячых дамах ладзіцца шмат мерапрыемстваў й адміністрацыя была вельмі загружаная, большую частку візытаў у дзіцячыя інтэрнаты прыйшлося адкласьці на пасьлякалядны пэрыяд.
Усяго на дадзены момант былі арганізаваны імпрэзы ў 9 дзіцячых дамах (зь іх 3 у Менску), яшчэ чакаецца ля 5 візытаў цягам бліжэйшых двух тыдняў.
Падчас кампаніі “Малады Фронт” арганізаваў два дабрачынныя канцэрты, уключна з штогадовым “Калядным Фэстам”, у якіх прынялі ўдзел гурты B:N:, Vinsent, Recha, Мутнае вока, “Скрыжалі”, сьпевакі Андрэй Мельнікаў, Міхал Бараноўскі, Ната Пушкарова.
Бард-сьпявачка Тацьцяна Беланогая нават наведала адзін зь менскіх дзіцячых дамоў разам з маладафронтаўцамі й сыйграла для дзяцей.
Кампанію падтрымалі славутыя беларускія паэты Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін; гісторык Уладзімер Арлоў, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка; выдавецтва “Кнігазбор”, выдавецтва “Лімарыус”, ЗБС “Бацькаўшчына”, амэрыканская амбасада ў Беларусі.
Акрамя таго, кампанія мела тэхнічную падтрымку: быў створаны адмысловы сайт кампаніі http://www.belkniha.org, сярод людзей распаўсюджваліся памятныя значыкі, каляндарыкі, улёткі.
Нагадаем, кампанія “Беларускую кнігу – дзецям!” была запачаткавана Салігорскай філіяй МФ у 2006 годзе, але ўжо праз год набыла агульнарэспубліканскі характар.